Мельнік Кірыл Уладзіміравіч

Мельнік Кірыл Уладзіміравіч беларускі мастак і мастацтвазнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства (2017).

Нарадзіўся 22 кастрычніка 1982 г. у Мінску.

У 1989-1998 гг. вучыўся ў сярэдняй школе № 51 г. Мінска.

У 1998-2002 гг. Кірыл навучаўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы па спецыяльнасці «жывапіс».

У 2010 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Кампаратыўнае мастацтвазнаўства”.

З 2010 з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі горада Мінска.

2 сакавіка 2017 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Беларускі жывапіс сацрэалізму другой паловы XX стагоддзя ў кантэксце развіцця савецкага выяўленчага мастацтва».

Творчасць

Пачаў навучацца маляванню ва ўзросце васьмі гадоў у студыі выяўленчага мастацтва прафесійных беларускіх мастакоў Віктара Сяргеевіча Варанкевіча і Уладзіміра Цітовіча Гардзіенка ў г. Мінску. Першымі карцінамі былі пейзажы, напісаныя з натуры пад уплывам рэалістычнага жывапісу Беларусі другой паловы XX стагоддзя, а таксама пейзажных работ В. С. Варанкевіча. У гады навучання ў студыі вывучае і капіруе творы Альбрэхта Дзюрэра, Эль Грэка, Яна Вермеера і іншых еўрапейскіх майстроў.

У гады навучання ў Мінскім мастацкім вучылішчы ў сваёй творчасці пераймае прынцыпы заходнееўрапейскага мастацтва XV-XIX стст., звяртаецца да шматслаёвай тэхналогіі напісання мастацкіх твораў. У гэтыя гады створаны карціны ў сінтэтычнай манеры, якія спалучаюць прыёмы мастацтва XV-XIX стст. і выявы прадметаў і з’яў сучаснай рэчаіснасці, на рэлігійную тэматыку, бытавыя карціны, пейзажы, нацюрморты – усяго больш за 100 жывапісных і 100 графічных работ. Дыпломнай працай па заканчэнні вучылішча стала карціна «Дзяцінства Іаана Себасцьяна Баха» (2002), нефармальным вынікам – манументальная карціна «І адкрыліся вочы ў іх (Быц. 3, 7)» (2002).

Пачынаючы з 2004 года ў творчасці з’яўляюцца новыя тэмы і прыёмы, характэрныя для XX і XXI стагоддзя. Былі напісаныя партрэты сучаснікаў у рэальным гістарычным часе «Рапарт Ю. А. Гагарына аб выкананні задання» (2004), «Партрэт Д. Д. Шастаковіча» (2004), «Партрэт Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі» (2004), «Партрэт бацькі» ( 2004), «Партрэт Марыны Мельнік» (2009).

У 2010 мастак стварае маштабную кампазіцыю «З’ява Хрыста Марыі Магдаліне пасля ўваскрэсення». У 2011-2012 гг. піша вялікія шматфігурныя творы на тэму антычнай міфалогіі («Пасейдон і гаргоны» (2010), «Элізіум, або Елісейскія палі» (2011)).  На дадзены час мастак выканаў больш за 400 жывапісных і 150 графічных работ, частка з якіх прадстаўлена ў каталогах.

Работы мастака захоўваюцца ў прыватных калекцыях аматараў жывапісу Беларусі, Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Новасібірск, Цвер), Германіі, Амерыкі. Калекцыя графікі мастака захоўваецца ў дзяржаўнай установе «Музей гісторыі горада Мінска».

Персанальныя выставы

Кірыл Мельнік прымаў удзел у выставах мастакоў Рэспублікі Беларусь (1998, 2010). Першая персанальная выстава Кірылы Мельніка адбылася ў зале гуманітарна-эстэтычнай бібліятэкі «Культурны цэнтр РГА Беларускі Фонд Рэрыхаў» у 2010 годзе ў Мінску. У 2016 годзе персанальная выстава ў сядзібе Козел-Паклеўскіх ў вёсцы Чырвоны бераг. У 2017 годзе персанальныя выставы ў Гарадской мастацкай галерэі Л. Шчамялёва ў Мінску і ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

Навуковая і публіцыстычная дзейнасць

Навуковая дзейнасць К. Мельніка прысвечана вывучэнню беларускага мастацтва XX стагоддзя. Ім апублікавана не менш за 15 навуковых і публіцыстычных артыкулаў, у тым ліку крытычныя артыкулы па творчасці беларускіх мастакоў М. Савіцкага, Мая Данцыга і іншых.

БІБЛІЯГРАФІЯ:

  1. Мельник, К. В. Живопись [Изоматериал]: [альбом] / Кирилл Мельник. – Минск : Тесей, 2009. – 43 с.
  2. Мельник, К. В. Каталог художественных и графических работ, 1999–2013 гг. [Изоматериал] / Кирилл Мельник. – Минск : [б. и.], 2013. – 64, [1] с.
  3. Мельник, К. В. Всеохватность славянской души [Изоматериал]: каталог выставки художественных работ (Минск, Гуманитарно-эстетическая библиотека при фонде Рерихов, 15 февраля – 18 марта 2010 г.) / Кирилл Мельник. – Минск : Тесей, 2009. – [15] л.
  4. Кирилл Мельник [Изоматериал]: каталог малоформатных художественных работ, 1999–2016 гг. / [автор-составитель К. В. Мельник. – Минск : [б. и.], 2016. – 69, [1] с.
  5. Мельник, К. В.Каталог графических работ, 1997–2017 гг. [Изоматериал] / Кирилл Мельник. – Минск : [б. и.], 2017. – 68, [3] с.
  6. Мельник, К. В. Белорусская живопись соцреализма второй половины XX века в контексте развития советского изобразительного искусства: диссертация на соискание ученой степени кандидата искусствоведения: специальность 17.00.09 Теория и история искусства / Мельник Кирилл Владимирович. – Минск, 2017. – 221, [3] л.

Добавить комментарий