Пра Навагрудак

Навагрудак – горад, цэнтр Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці (Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць; упершыню ўпамінаецца пад 1044 г.).

     Сярод маляўнічых краявідаў Навагрудскага ўзвышша паміж рэкамі Нёман, Валоўка і Крамушаўка знаходзіцца старажытны Навагрудак. Гісторыя Навагрудка налічвае амаль тысячу гадоў, калі лічыць ад даты заснавання горада: першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044 г. і звязана з паходам князя Яраслава Мудрага на Літву. Археалагічныя даследаванні даюць падставу сцвярджаць, што Навагрудак (летапісны Новгородок, Новогород, Новый городок, Наваградак) існаваў яшчэ ў Х стагоддзі. У ХІ ст. горад быў эканамічным цэнтрам сваёй сельскай акругі: гандлёвыя сувязі злучалі яго з гарадамі Старажытнай Русі, Прыбалтыкі, Блізкага Усходу, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

     Пад 1235 г. згадваецца першы вядомы новагародскі князь Ізяслаў, які ў 1238 г. разам з літоўскім князем Міндоўгам па загаду галіцкага князя Данілы Раманавіча ўдзельнічаў у паходзе на мазавецкага князя Конрада. Ваенна-палітычнае і стратэгічнае значэнне Наваградка выкарыстаў Міндоўг: у 1252 г. (па іншых звестках, у 1253 г.) тут адбылася яго каранацыя. Пры князю Міндоўгу горад становіцца сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Узвышэнне Наваградка адбывалася ва ўмовах складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі, якая ўзнікла ў ХІІІ–ХІV стст.: распад Русі, нашэсце мангола-татар з усходу і крыжакоў – з захаду.

     Пасля заснавання князем Гедзімінам горада Вільні і перанясення туды сталіцы ВКЛ Наваградак захаваў статус аднаго з галоўных адміністрацыйных, грамадска-палітычных і культурных цэнтраў дзяржавы: з 1316 г. у горадзе знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўных мітрапалітаў, у 1448, 1508 і 1538 гг. праводзіліся сеймы ВКЛ, у 1422 г. у Фарным касцёле Наваградка кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў Ягайла ажаніўся з Соф’яй Гальшанскай.

     З 1507 г. Наваградак – цэнтр павета і ваяводства ВКЛ, якое займала вялікую тэрыторыю: Ашмяны, Слонім, Ваўкавыск, Нясвіж, Слуцк, Стоўбцы, Ракаў. У горадзе праходзілі павятовыя сеймікі, засядалі замкавы, земскі і падкаморскі суды, у перыяд з 1581 да 1775 г. адбываліся пасяджэнні Трыбунала ВКЛ. 26 ліпеня 1511 г. горад атрымаў магдэбургскае права.

     Навагрудак адыгрываў важнае значэнне як цэнтр рэлігійнага, духоўнага жыцця: тут суіснавалі праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія абшчыны, свае храмы мелі іудзеі і мусульмане. Навагрудчына з’яўляецца ўнікальным культурным феноменам, яе можна назваць калыскай беларускай, польскай і яўрэйскай культур, якія развіваліся ў цеснай сувязі з еўрапейскай культурай.

     У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. горад адышоў да Расійскай Імперыі як цэнтр павета Слонімскай, Літоўскай (з 1797 г.), Гродзенскай (з 1801 г.), Мінскай (з 1842 г.) губерняў.

     ХІХ стагоддзе стала часам вялікіх пераўтварэнняў, якія закранулі і грамадскае, і асабістае жыццё насельніцтва Навагрудка. Вайна 1812 г. прынесла расчараванне, голад, нястачу. У час паўстанняў 1830–1831 гг. і 1863–1864 гг. адбываліся падзеі, якія сведчылі аб імкненні навагрудчан змагацца за свабоду. Тут правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады класік польскай паэзіі Адам Міцкевіч. Навагрудская зямля ўзгадавала плеяду прагрэсіўных людзей, носьбітаў дэмакратычных ідэалаў, вучоных, паэтаў, дзяржаўных дзеячаў. Сярод іх паэты Ян Чачот і Вінцэсь Каратынскі, мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі, фотамастак Ян Булгак, мастак Язэп Драздовіч, вучоны-геолаг, даследчык Чылі Ігнат Дамейка і шэраг іншых.

     Не менш складаным і трагічным для Навагрудчыны і яе жыхароў было ХХ стагоддзе. У час Першай і Другой сусветных войнаў гінула насельніцтва, знішчаліся культурныя і гістарычныя помнікі. З верасня 1915 г. і да канца 1918 г. Навагрудак быў акупіраваны германскімі войскамі, са снежня 1918 г. і да кастрычніка 1920 г. – польскімі. З 1921 г. горад уваходзіў у склад Польшчы, з верасня 1939 г. – у склад БССР. З ліпеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. Навагрудак быў акупіраваны гітлераўцамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне больш за 45 000 чалавек (у тым ліку 28 000 у створаным лагеры смерці), вывезлі на катаржныя работы ў Германію больш за 11 000 чалавек. Гераічна змагаліся з ворагам Валянцін Таўлай, Дзмітрый Дзенісенка, юнак-партызан Міхаіл Белуш і сотні вядомых і невядомых герояў, памяць аб якіх ушанавана ў Навагрудку.

     Сённяшні горад, дзякуючы намаганням мясцовых улад, працы і старанням жыхароў, вядомы далёка за межамі Беларусі. Тут з вялікай любоўю рэканструіруецца, зберагаецца і прапагандуецца багатая шматвяковая гісторыя, веліч былой сталіцы ВКЛ. У Навагрудку і яго ваколіцах знаходзіцца шмат архітэктурных помнікаў і музеяў. Увагу кожнага, хто сюды завітае, прыцягваюць руіны ўмацаванага княжацкага замка ХІV ст., гераічнае мінулае якога апета ў паэмах А. Міцкевіча. З імем паэта звязаны таксама Фарны касцёл Навагрудка, адзін з першых пабудаваных у ВКЛ (заснаваны Вітаўтам у 1395 г.), дзе хрысцілі Адама Міцкевіча. У цэнтры горада знаходзіцца дом-музей паэта, у гонар славутага земляка насыпаны Курган Бессмяротнасці, пастаўлены помнік. Непадалёк ад дома-музея на цэнтральнай плошчы знаходзіцца яшчэ адзін помнік архітэктуры – касцёл Міхаіла Архангела. Помнікам архітэктуры з’яўляецца Барысаглебская царква, пабудаваная ў ХVІ ст. на месцы храма ХІІ ст.

      Навагрудак – край легенд і песень, край сівой даўніны і ўзнёслай паэзіі, «беларуская Швейцарыя» – натхняў і натхняе сваіх суайчыннікаў і гасцей на творчыя дасягненні і адкрыцці, абуджае любоў да сваёй Айчыны.