Кулі́к Яўген Сяргеевіч

Кулі́к Яўген Сяргеевіч  – беларускі мастак, грамадскі і культурны дзеяч, майстар кніжнага мастацтва, станковай графікі, малюнка і жывапісу.

Нарадзіўся 31 кастрычніка 1937 года ў Мінску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1957), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1963). З 1965 года быў сябрам Беларускага саюза мастакоў.

З’яўляўся мастацкім рэдактарам часопісаў “Бярозка” і “Вясёлка”. У 1991 годзе, разам з Уладзімірам Крукоўскім, стаў адным з аўтараў эталону гербу «Пагоня», які выкарыстоўваўся як дзяржаўны герб Беларусі да 1995 году.

Працаваў у жанрах гістарычнага партрэта, эпічнага, гістарычнага і ландшафтнага пейзажу, рэканструкцыі замкавай архітэктуры Беларусі і іншых помнікаў гісторыі і культуры.

У станковых творах распрацоўвае тэмы гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны» (1974 г.), «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі» (з 1993 г.), малюнкаў рэканструкцый «Замкі Беларусі» і інш.

У 1970-80-ыя гады займаўся кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, і найлепшымі з іх былі: «Слова аб палку Ігаравым», «Ад гоману бароў» Александровіча, і інш. Але сапраўдным шэдэўрам Яўгена Куліка стала кніга «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

Памёр Яўген Сяргеевіч 12 студзеня 2002 года. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. У лістападзе 2005 года на могілках быў адкрыты помнік.

Добавить комментарий