Гайба Мікалай Паўлавіч

Гайба Мікалай Паўлавіч – беларускі гісторык, краязнаўца, музеязнаўца. Дырэктар установы культуры «Дом-музей А.Міцкевіча ў Навагрудку».

Нарадзіўся 11 студзеня 1963 года ў вёсцы Вялікія Вераб’евічы Навагрудскага раёна  Гродзенскай вобласці.

З 1991 года жыве ў г. Навагрудку. З 1991 года працаваў у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі на пасадах малодшага, затым старшага навуковага супрацоўніка. Некаторы час у 1993 годзе працаваў інспектарам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У час работы ў гістарычна-краязнаўчым музеі закончыў (1996г.) вочна-завочную Школу музеязнаўства пры Беларускім інстытуце праблем культуры, атрымаўшы кваліфікацыю: музеязнаўца. У 1997 годзе закончыў аспірантуру Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Са студзеня 2000 года працуе дырэктарам Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

Са студэнцкіх гадоў займаецца даследаваннем гісторыі Навагрудчыны. Першы краязнаўчы нарыс апублікаваў у 1985 годзе, першы навуковы артыкул – у 1991.

Унёс значны ўклад у вывучэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Навагрудчыны, арганізацыю супрацоўніцтва з навуковымі і навукова-культурнымі цэнтрамі Беларусі і замежжа, гарадамі і раёнамі-пабрацімамі, знакамітымі землякамі, стварэнне гісторыка-краязнаўчага музея, удасканаленне дзейнасці Дома-музея А. Міцкевіча ў Навагрудку, правядзенне навуковых канферэнцый, прысвечаных знамянальным падзеям у гісторыі Навагрудчыны, нашым славутым землякам.

Аўтар навукова-папулярных кніг, шматлікіх артыкулаў у энцыклапедычных, навуковых, навукова-папулярных і перыядычных выданнях, прысвечаных гісторыі Навагрудчыны, жыццю і творчасці А. Міцкевіча. Краязнаўчыя працы аўтара выйшлі на беларускай, рускай, польскай і французкай мовах.

“Творчы чалавек таленавіты ва ўсім”. Гэтыя словы пра Мікалая Паўлавіча, які акрамя вышэйназваных навуковых талентаў, валадае і талентам мастака. Яго работы прадстаўлены ў нашай віртуальнай Галерэі.

 

 

Добавить комментарий