Дучыц Мікалай Васільевіч

Мікалай Васільевіч Дучыц (2 кастрычніка 1896, м. Любча, Наваградскі павет, Мінская губерня, цяпер Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць – 3 верасня 1980, Мінск) – беларускі мастак, графік.

Біяграфія

Вучыўся ў Навагрудскім гарадскім вучылішчы (1910–1914) у В. Іваненкі, Рысавальнай школе Імператарскага таварыства заахвочвання мастацтваў (Петраград, 1914–1915) ва У. Федаровіча. Выкладаў маляванне ў школах, на рабфаках, у студыях у Мінску (1925–1925). Член Саюзу савецкіх мастакоў БССР (з 1933), у 1938 – старшыня праўлення гэтай арганізацыі. Удзельнік шматлікіх выстаў, пачыная з Першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі 1925 года. Персанальная выстаўка М. Дучыца была праведзена ў г. Мінску ў 1967 г. Жыў у Мінску.

Творчасць

Працаваў пераважна ў жанры пейзажу. Творам уласціва лірычнасць і стрыманая каляровая гама («Зіма», «Рэчка Волма», «Ля млына», «Лясная казка» і інш.). Пісаў таксама нацюрморты. У галіне графікі мастак зрабіў серыю гравюр «Стары Мінск», і акварэляў «Краявіды Мінска».

Карціны і графіка М. Дучыца знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў.

17 лютага 2009 г. ў калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь былі перададзеныя два творы мастака: «Зіма. Эцюд» (1949) і «Дубкі» (1953).

З 27 мая па 28 чэрвеня 2011 года карціны М. Дучыца экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у складзе выстаўкі «І даўжэй веку…».

Добавить комментарий