Даўлюд Яўген Віктаравіч

Яўген Віктаравіч Даўлюд нарадзіўся 12 красавіка 1955 года ў Навагрудку. Тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады.

У 1977 годзе закончыў мастацкае тэхнічнае вучылішча Магілёўскага абласнога ўпраўлення прафтэхадукацыі ў горадзе Бабруйску  па спецыяльнасці рэзчык-інкрустатар. Пэўны час жыў у Магілёве.

У 1990-я гады вярнуўся на радзіму, працаваў мастаком-афарміцелем у Навагрудскай раённай бібліятэцы. Пайшоў з жыцця 31 жніўня 2012 года…

Яўген Віктаравіч меў добры густ і свой стыль, з поспехам выкарыстоўваў сучасныя мастацкія матэрыялы, валодаў тэхнікай інкрустацыі, афармляў інтэр’еры бібліятэк. Цяпер кожная ўстанова горада і раёна захоўвае памяць пра яго.

Яўген Віктаравіч пісаў карціны. У гэтым плане найбольш плённымі сталі апошнія дзесяць гадоў жыцця. Карціны ўвесь час былі ў гандлёвай сетцы, актыўна раскупляліся жыхарамі і гасцямі Навагрудка. Сёння яго работы ўпрыгожваюць не толькі прыватныя дамы і кватэры, але таксама залы Навагрудскай раённай бібліятэкі (часткова ў міні-музеі міні-макетаў “Страчаная спадчына”) і некаторых бібліятэк-філіялаў. Мастак неаднаразова выстаўляўся ў Навагрудскай гарадской бібліятэцы.

Галоўнай тэмай творчасці Яўгена Даўлюда сталі родныя краявіды. У дзяцінстве ён абышоў бадай кожны куточак горада, абгледзеў усе яго славутасці. Атрыманыя ўражанні і падштурхнулі да творчасці. Большасць карцін майстра прысвечана помнікам Навагрудчыны. Яго гарадскі пейзаж — выразны і дакладны. Яўгену Даўлюду было цікава маляваць будынкі, якія маюць гісторыю, што вымяраецца стагоддзямі…

Добавить комментарий