Буралкін Генадзь Васільевіч

Буралкін Генадзь Васільевіч

Яркі, неардынарны творца Генадзь Буралкін з’яўляецца аўтарам многіх манументальных, станковых і графічных работ. З 1976 г. прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках. Яго вабяць разнастайныя матэрыялы – дрэва, камень, бронза. Творы Г. Буралкіна знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, музеях Беларусі і іншых краін, прыватных калекцыях. Скульптар узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Нарадзіўся Г. Буралкін у г. Ленінагорску (Казахстан) у сям’і ссыльнага перасяленца з Беларусі. Вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1970–1976). З 1980 г. уваходзіць у Беларускі саюз мастакоў (з 1990 па 2001 г. – яго старшыня). У 1995 г. па ініцыятыве Г. Буралкіна Саюз мастакоў стаў членам Міжнароднай асацыяцыі мастакоў пры ЮНЭСКА ў Парыжы. Жыве і працуе вядомы скульптар у Мінску.

Асноўныя тэмы творчасці ўзяты з народнага жыцця, знітаваны з гісторыяй, нацыянальнымі паданнямі. Работы мастака вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў. Сярод асноўных твораў вылучаюцца манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), скульптурныя серыі “Скачок” (1998–2000), “Жыцень” (2000), “Берагіня” (2001–2002), “Абліччы камянёў” (2002), “Лель” (2003), станковыя кампазіцыі “Песня пратэсту” (1977), “Вясна Перамогі” (1978), “Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі” (1979), “Яблынька” (1981), графічныя серыі “Славянскія матывы”, “Ноч на Івана Купалу”, “Раніца” (усе 1995), “Усяношчная” (2002), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я гг.), “Памяці В. Хары” (1987), “Музыка” (1990), “Двое”, “Сын зямлі” (абодва 1991), “Лясное возера” (1992), “Кастусь Каліноўскі”, “Белая Ганча”, “Сумненне” (усе 1993), “Вяртанне белага анёла”, “Сымон-музыка”, “Адам і Ева” (усе 1994), “Скок” (1995), серыя “Прысвячэнне П. Пікаса” (1996).

Генадзь Буралкін займаўся афармленнем інтэр’ераў драматычнага тэатра (у суаўтарстве) і Дома грамадзянскіх абрадаў у Гродне (1970-я гг.). Для некаторых работ майстра характэрны шматграннасць вобраза, іншасказальнасць. Так, напрыклад, у кампазіцыі “Яблынька” (чырвонае дрэва) увасобіліся вобразы жанчыны-маці, Зямлі, прыроды. Драўляныя скульптуры “Язычніцкі бог”, “Купалле”, “Ярыла”, “Вяртанне белага анёла” таксама вабяць сваёй загадкавасцю і сімвалічнасцю.

Разам са скульптарам А. Фінскім мастак стварыў цудоўныя скульптурныя кампазіцыі, якія ўпрыгожваюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь (архітэктарская задума І. Лангбарда, ажыццёўленая праз сем дзесяцігоддзяў). Работы выкананыя ў арыгінальным стылі, які ўключае ў сабе класічныя грэчаскія і сучасныя традыцыі. Пры стварэнні багінь (апякунак тэатра Мельпамены і музыкі Палігімніі) Г. Буралкіну пазіравалі нашы маладыя сучасніцы, таму невыпадкова, што ў рысах твару і фігурах муз увасобілася прыгажосць менавіта беларускіх жанчын. Генадзь Буралкін з’яўляецца аўтарам помніка заснавальніку і першаму вялікаму князю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. У 2009 г. у гістарычным цэнтры Навагрудка адбылося яго адкрыццё. Помнік адліты з бронзы і ўяўляе сабой постаць Міндоўга з мячом на кані, устаноўленымі на каменным пастаменце. 9–10 верасня 2011 г. у Навагрудку святочна адзначалася 500-годдзе з часу надання яму магдэбургскага права. Адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, выкананага Г. Буралкіным, з выявай гістарычнага герба, гадзінніка і ключоў ад горада.

Спадчына вядомага скульптара Г. Буралкіна вельмі багатая і разнастайная. Магчымасць пазнаёміцца з ёю прадстаўляецца на выстаўках, якія арганізоўваюцца ў Беларусі. Так, на “ТРОГАТелЬной выставке”, адкрытай 18 мая 2011 г. у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, былі прапанаваны скульптурныя работы многіх мастакоў, у тым ліку найбольш знакавыя творы Г. Буралкіна.

Бібліяграфія:

  1. Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 1996. – Т. 3. – С. 344.
  2. Беларускі саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1998. – С. 69.
  3. Беларусь. – 2008. – № 2. – С. 52—53.
  4. Каталог выставки произведений белорусских скульпторов / Союз художников БССР ; [автор статей и составитель Л. В. Солодкина]. – Минск, 1990. – С. 79.
  5. Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2011. – Т. 2. – С. 120.
  6. Нёман. – 2000. – № 10. – С. 254—256.
  7. Новыя кнігі : па старонках беларускага друку : штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь / Нацыянальная бібліятэка Беларусі. – 2011. – № 8. – С. 13 дадатка “Беларускі каляндар, 2012 год”.
  8. Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. – Минск, 2006. – Т. 2. – C/ 559.
  9. 9. Роднае слова. – 2002. – № 2. – С. 90—91.
  10. Современное искусство Республики Беларусь : справочник персоналий / Министерство культуры Республики Беларусь, Учреждение образования “Белорусский государственный университет культуры и искусств” ; [составители: В. П. Прокопцова и др.]. ― Минск, 2018. – С. 53—54.
  11. Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе [Выяўленчы матэрыял] = Современная белорусская скульптура. XXI век = Modern belarusian sculpture. XXI century : альбом / [аўтар тэксту, складанне, пераклад на беларускую мову: К. С. Аксёнава]. – Мінск, 2012. – С. 80—83.
  12. Уладзімір Караткевіч : энцыклапедыя / [рэдкалегія: В. У. Ваніна (галоўны рэдактар) і інш.]. – Мінск, 2020. – С. 61.
  13. Францыск Скарына : энцыклапедыя. – Мінск, 2017. – С. 73.
  14. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. – Мінск, 1984. – Т. 1. – С. 517.

 

 

Добавить комментарий