Татарнікаў Павел Юр’евіч

Татарнікаў Павел Юр’евіч – беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар, дацэнт кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў, акадэмік Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва, удзельнік мноства выставак у розных краінах свету, дыпламант і лаўрэат шматлікіх конкурсаў, вядучы мастак у галіне ілюстравання беларускіх казак і гістарычных выданняў.

Павел Юр’евіч  нарадзiўся ў 1971 годзе ў горадзе Брэсце ў сям’i мастакоў.

У 1989 г. – скончыў Рэспубліканскі каледж мастацтваў (г. Мiнск). 1995 – скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (аддзяленне графікі). З 1997 года – сябра Беларускага саюза мастакоў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат міжнароднай прэміі «Залатое пяро» ў Белградзе (1989), уладальнік Гран-Пры конкурсу «Мастак і кніга» (2000), двойчы лаўрэат прэміі «Залаты яблык» (2001, 2009) Міжнароднай біенале ілюстрацыі ў Браціславе, лаўрэат прэміі «Лепшы ілюстратар года» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» (2007).

 З 1992 года прымае ўдзел у выставах, міжнародных выставачных праектах, міжнародных пленэрах і конкурсах у Беларусі і за мяжой. Сярод найбольш значных персанальных выстаў апошніх гадоў, якія праходзілі ў Беларусі, выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (2004), Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (2008), Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (2010), Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2018, галерэя“Лабірынт” ).

Аформіў і праілюстраваў кнігі «Arthur – King of Albion» Дж. Мэцьюза (выдавецтва «Barefootbooks», Вялікабрытанія, 2008); «Снежная каралева» (выдавецтва «Grimm Press», Тайвань, 2005); «Золата Рэйна» (выдавецтва «Grimm Press», Тайвань, 2004); «Рыцары і дойліды Гародні» А. Краўцэвіча (выдавецтва «Гарадзенская бібліятэка», 2009); «У гасцях у вечнасці” (2007), «Перуновага племені дзеці» А. Бутэвіча (выдавецтва «Кавалер Паблішэр», Мінск, 2008); «Шчыраю ноччу» У. Ягоўдзіка (выдавецтва «ЛіМ», Мінск); «Алмаз Раджы» Р. Л. Стывенсана (2005), «Граф Монтэ-Крыста» А.Дзюма (2006), «Венецыянскі купец» У. Шэкспіра (выдавецтва «Black cat», Італія, 2009).

 Браў удзел у мiжнародных i персанальных выставах у Беларусi, Літве, Польшчы, Расіi, Украiне, Сербii, Чэхii, Славакii, Германii, Аўстрыi, Iталii, Швейцарыi, Францыi,  Вялiкабрытанii, ЗША, Японii, Тайванi.

Дацэнт кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Жыве i працуе  ў Мiнску.

Добавить комментарий