Стаброўскі Казімір

Казімір Стаброўскі — мастак, педагог і артыст з Наваградчыны.

Нарадзіўся Казімір Стаброўскі ў маёнтку Крупляны на Наваградчыне ў сям’і вайскоўца. Пасля заканчэння Беластоцкага рэальнага вучылішча паступіў у Пецярбугскую Акадэмію мастацтваў. Вучыўся 7 гадоў з невялікімі, але частымі перапынкамі. З-за хваробы вачэй прыязджаў дамоў, каб падлячыцца. У апошнія гады вучобы займаўся ў майстэрні Ільі Рэпіна. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў К. Стаброўскі працягваў вучобу ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы.

У канцы 1894 г. вяртаецца на Наваградчыну, доўгі час тут жыве і працуе. Як ужо вядомы і вопытны мастак, ён удзельнічае ў мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. За карціну „Цішыня вёскі” ў 1900 г. на міжнароднай выстаўцы ў Парыжы Казімір Стаброўскі атрымаў сярэбраны медаль. Яго карціна „Ля раз’езда” была набыта для музея ў Мюнхене, а другая — „Лазенкаўскі парк у Варшаве” — для Венецыянскай нацыянальнай галерэі. у 1904 г. на ўласныя сродкі і ахвяраванні іншых асоб у Варшаве ён адкрывае Школу прыгожых мастацтваў.

Пражыў наш зямляк крыху больш за 50 гадоў. Памёр ад інфаркту ў 1929 г. Газета „Кур’ер Варшаўскі” 10 чэрвеня 1929 г. пісала: „Памёр вядомы чалавек, знакаміты артыст, энтузіяст усяго прыгожага, слынны арганізатар і філосаф Казімір Стаброўскі. (…) Гэта быў чалавек вялікай працы”.

Казімір Стаброўскі працаваў шмат і пакінуў багатую спадчыну. На жаль, творы яго раскіданы па свеце. Сёння вельмі цяжка сказаць, праз колькі гадоў з’явіцца магчымасць наладзіць на яго радзіме — роднай Беларусі ці ў Наваградку — выставу ягоных карцін. Але верыцца ў гэта. Калі некаму пашанцуе пабываць у мастацкіх музеях Польшчы, Германіі, Італіі, Расіі, вы сустрэнецеся з карцінамі нашага славутага земляка Казіміра Стаброўскага. Яны прыцягнуць прыгожымі вясковымі краявідамі Беларусі, міфалагічнымі вобразамі, драмай і містыкай. За ўсім гэтым — глыбокія філасофскія роздумы над мінулым і будучыняй сваёй Бацькаўшчыны. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1887-94), акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Пасля 1894 года жыў і працаваў на Гродзеншчыне. Удзельнічаў у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. 3 1902 член Таварыства польскіх мастакоў «Штука» і Таварыства падтрымкі прыгожых мастацтваў. Заснавальнік і кіраўнік (1904-09) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1922 заснаваў аб’яднанне мастакоў «Sursum Corda». Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн. Сярод работ: «Магамет у пустыні» (1894), «Цішыня ў вёсцы» (паміж 1894-1900), серыя з 11 карцін «Шэсце навальніцы», «Белая ноч у Петраградзе каля раз’езда», «Змярканне ў Лазенкаўскім парку ў Варшаве», «Белыя ночы», партрэты С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і інш.

Добавить комментарий