Церабун Уладзімір Васільевіч

 

Уладзімір Васільевіч Церабун нарадзіўся 11  красавіка 1946 года  ў  в. Несцяняты Смаргонскага  раена Гродзенскай  вобласці. З 1953 г. па 1964 г. – вучоба ў СШ №1 г. Смаргоні. З 1965 па 1968 гг. – служба ў Савецкай Арміі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2007).

У 1973 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (аддзяленне скульптуры). У 1977 годзе стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў. У 1979—1986 гадах старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі. У 1987—1999 гадах выкладаў у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў.

Працуе пераважна ў станковай і манументальнай скульптуры і дробнай пластыцы, а з 1996 годзе яшчэ і ў пейзажным жывапісе. За свой творчы шлях ён выканаў шэраг работ як станковага, так і манументальнага характару: скульптуры, скульптура з мазаікай, кампазіцыі са шкла і металу з вытокамі асвятлення (люстры) для грамадскіх будынкаў. З’яўляецца аўтарам мемарыяльнага комплексу Дальва (1973, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976), помніка на вайсковых могілках у Гродне (1981), рэльефаў «Фантазія», «Гімн сонцу», кампазіцый дэкаратыўных «Крылатая» (1989), «Ветразь» (1992), цыкла «Скульптура малых форм „Ракурс“» (1990—2002), серыі керамічных пасудзін (1993—1998), графічнага цыкла «Ракурс» (1986—1996). Сярод станковых кампазіцый: «Расстраляная песня. Памяці В. Хары» (1976), «Летапісец» (1981), «Сымон-музыка», «Апошняе жніво» (абедзве 1982), «Непераможныя» (1985), «Ясь і Яніна» (1987), «Апосталы Пётр і Павел» для касцёла св. Андрэя ў Слоніме, «Госпадзі, веру табе» для бернардзінскага касцёла ў Гродне (1996), «Флора і фауна» (1997), «Мельпамена» (2001), «Элегія» (2003).

Больш за 50 сваіх твораў скульптар перадаў у дар музеям у Гродне, Смаргоні, в. Гудзевічы Мастоўскага раёна.

Шмат увагі мастак надае развіццю дзіцячай творчасці, арганізоўвае конкурсы, выстаўкі, пленэры.

Бібліяграфія

  1. Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2003. – Т. 17. – С. 105.
  2. Беларускі саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1998. – С. 574.
  3. Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1949–2004) / А. А. Каляда. – Мінск, 2005. – С. 108.
  4. Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2015. – Т. 6. – С. 434.
  5. Людзі культуры з Гродзеншчыны : даведнік / Аляксей Пяткевіч ; Гродзен. дзярж. ун-т імя Я. Купалы. – Гродна, 2000. – С. 313—314.
  6. Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. – Минск, 2015. – Т. 4, кн. 2 : Гродненская область. – С. 416.
  7. Сучасная беларуская скульптура. XXI стагоддзе [Выяўленчы матэрыял] = Современная белорусская скульптура. XXI век = Modern belarusian sculpture. XXI century : альбом / [аўтар тэксту, складанне, пераклад на беларускую мову: К. С. Аксёнава]. – Мінск, 2012. – С. 308—311.

Добавить комментарий