Павел Аляксеевіч Абадзінскі нарадзіўся ў мястэчку Турэц (аграгарадок Турэц Карэліцкага раёна) 19 мая 1931 года ў прастой сялянскай сям’і. Яшчэ у маленстве пачаў цікавіцца гісторыяй і мастацтвам.

Вось як ён успамінае гэты час: “Мне вельмі падабаліся яркія малюнкі розных рыцараў і ваяроў, намаляваных на шакаладках, якія продалі ў той час  у габрэйскіх крамах.  Вельмі добра запомнілася адна, з надпісам: “Рыцар з бітвы пад Грунвальдам”.  Многа цікавага расказваў мне дзядуля Аляксандр. Ен стаў інвалідам у сталым узросце, але не страціў цікавасць да жыцця, быў вельмі  начытаны, многа мог разказаць, добра ведаў гісторыю і літаратуру.  У 1939 годзе я скончыў першы клас у польскай школе, а 1 верасня пачалася Другая сусветная вайна. Мы рыхтаваліся да горшага, але да агульнай радасці прыйшла Чырвоная Армія, салдаты якой ішлі праз Турэц на Захад два тыдні. Вельмі ўразілі сваім выглядам коннікі-казакі. А на Усход ішлі польскія жаўнеры, але ужо без зброі.

З 1939 года пасля вызвалення Заходняй Беларусі Павел Абадзінскі вучыцца далей, але ўжо ў савецкай школе. Так атрымалася, што 21 чэрвеня 1941 года, напярэдадні нямецка-фашыстскага нападу, разам з сям’ёй накіроўваецца на месца жыхарства ў Краснаярскі край.

Весь час ваеннага ліхалецця  сям’я мастака жыве ў пасёлку Ніжні Інгаш, дзе бацька працуе на ваенным аб’екце, а маці ў бальніцы. Хоць жыццё даволі цяжкае, але юнака ўражвае сібірская прырода і асобы склад характару мясцовых людзей. Ён паступае вучыцца ў мясцовую школу і тут, дзякуючы  настаўніку малявання, па-сапраўднаму паяўляецца жаданне да творчасці. Хлопчыку выпадкова трапляюць паштоўкі з Траццякоўскай галерэі і ён вырашае зрабіць з іх копіі.

        У 1946 годзе сям’я вяртаецца на малую Радзіму – у вёску Турэц. У цяжкі пасляваенны час памагае бацьку адбудоўваць спалены вайной дом, працягваючы вучобу у Турэцкай сярэдняй школе. Пасля заканчэння школы паступае ў сельскагаспадарчы інстытут у г.Гродна. Рашэнне было прынята пад уплывам бацькоў, якія хацелі, каб сын працаваў на зямлі, як і іх продкі. Вучоба на агранома была цікавая для юнака, але прага да мастацтва назаўседы заставалася ў душы. Напэўна, гэта і вырашыла далейшы лёс, бо папрацаваўшы у сельскай гаспадарцы, ён вырашае прадоўжыць вучобу ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава. Гады вучобы напаўняюцца новымі ўражаннямі, і душа атрымлівае таго, чаго хацела. А гэта – быць мастаком і творцай. Пасля заканчэння вучылішча пачынаецца новая працоўная дзейнасць на ніве адукацыі. Працуе настаўнікам працы, чарчэння і малявання, затым загадчыкам аддзела тэхнічных сродкаў у Карэлічскім РАНА. Ствараецца сям’я і разам з жонкай Нінай, якая таксама працуе настаўніцай, гадуюць сваіх дзяцей дачку Алену і сына Аляксандра. Будуецца дом з майстэрняй, дзе ўжо па выхадзе на заслужаны адпачынак мастак стварае цыкл работ пра родныя мясціны.

         Можна смела адзначыць, што ў работах мастака Паўла Абадзінскага адлюстроўваецца сапраўдная любоў да свайго роднага кутка, да Радзімы. Успрыманне часу мастацкім выразам робіць жывапісныя работы непаўторнымі, якія спрыяльна ўздейнічаюць на гледача. А гледзячы не толькі на мінулае, але і на прыгожае чалавек пачынае думаць, разважаць, узбагачацца духоўна і станавіцца лепшым. Значыць праца мастака не дарэмна, а час не страчаны.

                                                                Аляксандр Абадзінскі, 2018 г.