Атаян Рубен Уладзіміравіч

Атаян Рубен Уладзіміравіч – картограф, мастак, кандыдат тэхнічных навук. Нарадзіўся ў 1954 г. у Кіравакане, Армянская ССР (цяпер г. Ванадзор, Рэспубліка Арменія). У 1976 г. скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі.

Быў прызначаны на працу на картаграфічную фабрыку ў Тбілісі, потым у 1979 г. пераехаў у Ерэван. У Армянскім дзяржаўным інстытуце інжынерна-геадэзічных пошукаў і здымак кіраваў аддзелам, з’яўляўся галоўным спецыялістам па тэматычнай картаграфіі. У 1982–1983 гг. па сумяшчальніцтву выкладаў у Ерэванскім дзяржаўным універсітэце.

З 1990 г. з сям’ёй жыве ў Мінску. У 1990–1994 гг. працаваў на Беларускім картографа-геадэзічным прадпрыемстве на пасадзе рэдактара карт. З 2002 г. працуе ў выдавецтве «Рыфтур».

У розныя гады прымаў удзел у стварэнні даведачных, тэматычных, турыстычных карт і атласаў. У 1989 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Удасканальванне методыкі і тэхналогіі стварэння турысцкіх карт і распрацоўка новых відаў».

Аўтар больш за 50 навукова-тэарэтычных артыкулаў па картаграфіі і навукова-папулярных артыкулаў па краязнаўству, 10 укараненняў і рацпрапаноў, каля 100 арыгінальных твораў мастацка-картаграфічнага накірунку: 1987 г. – панарамных карт рэгіёнаў – Арменія, Сіцылія, Кіпр, Крым, Беларусь і інш., а з 1992 г. – панарам гарадоў, у тым ліку Ерэвана, Масквы, Пецярбурга, Мінска, Кіева, Вільнюса, Варшавы, Берліна, Кракава, Венецыі, Ватыкана, Іерусаліма, Львова, Цюрыха, комплексу Ангкор Ват (Камбоджа), курортаў Украіны і Балгарыі, замкаў Беларусі, Літвы і Польшчы і інш. З удзелам Р.У. Атаяна апублікавана больш за 130 карт і атласаў на розную тэматыку.

Удзельнічаў у выстаўках:

– персанальная мастацкая картаграфічная выстаўка, прысвечаная 1700-годдзю прыняцця хрысціянства ў Арменіі, Ерэван, 2001 г., Дом мастакоў Арменіі;

– міжнародныя картаграфічныя выстаўкі, арганізаваныя ў дні работы XX і XXI Міжнародных картаграфічных канферэнцый: Пекін, Кітай (2001) і Дурбан, ЮАР (2003); дыпломы за першае месца (панарамныя карты Венецыі і Берліна);

– выстаўкі «Сучасныя армянскія мастакі” ў Гомелі і Светлагорску, 2006 г.

Удзельнік XXIII Міжнароднай картаграфічнай канферэнцыі (Масква, 2007), Міжнародных кніжных ярмарак ва Франкфурце-на-Майне (1997–2009).

Добавить комментарий