Аўчыннікаў Мікалай Віктаравіч – беларускі мастак.

Нарадзіўся 3 студзеня 1952 г. у в. Гарадзец Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

У 1974 г. скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў Івана Сталярова, Фелікса Гумена.

Працуе ў акварэлі і станковым жывапісе. Мікалай Аўчыннікаў належыць да творчай суполкі маладзечанскіх мастакоў.

Упершыню свае працы ён прадставіў публіцы ў 1976 годзе на рэспубліканскай выставе “Слава працы!”. З гэтага часу ўдзельнік рэспубліканскіх, рэгіянальных мастацкіх выстаў, у т. л. за мяжой.

З 1988 г. – у Беларускім саюзе мастакоў.

Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (2007).

З сярэдзіны 1970-х мастак актыўна заявіў пра сябе як прадстаўнік менавіта віцебскай школы акварэлі, дэманструючы неверагодную тэхнічную віртуознасць, свабоду эксперыментаў і маляўнічых імправізацый. Тэмы твораў — шматлікія гістарычныя мясціны Беларусі. Паказвае Аўчыннікаў і помнікі археалогіі, культуры ды архітэктуры ХІІ-ХVIII стагоддзяў: “Спаса-Еўфрасіннеўская царква. Полацк”, “Навагрудак”, “Мядзельскае гарадзішча”, “Млын у Гарадку”. Гэтыя і іншыя месцы мастак абышоў з эцюднікам уздоўж і ўпоперак, спазнаўшы радасць ад новых уяўленняў, спасціжэнняў і адкрыццяў.

Рамантычныя матывы з помнікамі мінуўшчыны, вясковай драўлянай архітэктурай ён таксама знаходзіць і за межамі роднай краіны, пра што расказваюць цыклы “Драўлянае дойлідства Поўначы” і “Салавецкія астравы”.

“Жывучы на роднай зямлі, вандруючы сцяжынкамі продкаў, адчуваючы прыгажосць беларускіх краявідаў, дакранаючыся да сівых муроў – сведак гісторыі, атрымліваючы ад іх моцную энергетычную падтрымку, хочацца зазірнуць за гарызонт, каб убачыць іншыя краіны і потым стомленым вярнуцца дадому, каб адпачыць душой у родных мясцінах,” – прызнаецца М. Аўчыннікаў.

Асноўныя творы: серыі “Без асаблівых тлумачэнняў”, “Нарачанскі край”, “Зямля паэтаў”, “Сезон дажджу”, “Поўны месяц над возерам Свір”, “Мсціслаўскі сабор”, “Восень”, “Яблыні ў квецені”, “Абуджэнне зямлі”, “Полацк. Сафійскі сабор”.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, Музея імя В. Бялыніцкага-Бірулі (Бялынічы), Мінскага абласнога краязнаўчага музея (Маладзечна), у прыватных калекцыях шмат якіх краін свету (у Германіі, Швецыі, Чэхіі, Польшчы, ЗША, Ізраілі).

Педагагічнай дзейнасцю займаецца з 1990 г. Узначальвае мастацкае аддзяленне ў гімназіі-каледжы мастацтваў г.  Маладзечна. Там жа выкладае жывапіс і кампазіцыю.

Жыве ў Маладзечне.

  • “Калі глядзіш на працы М. Аўчыннікава, робіш выснову, што аўтар неабыякавы да гісторыі, культуры свайго народа, ён непакоіцца за стан помнікаў архітэктуры, імкнецца сваімі работамі адкрыць людзям цудоўную спадчыну продкаў”.

Уладзімір Пракапцоў