Сташчанюк Віктар Пятровіч

Віктар Сташчанюк нарадзіўся 1 красавіка 1933 года ў вёсцы Сёгда Карэліцкага раёна, а дзяцінства правёў на суседняй Навагрудчыне.
У 1970 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1976 года прымаў удзел у мастацкіх выставах, а ў 1993 годзе быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў.
Асноўная тэма творчасці мастака – гісторыя Беларусі.
Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, керамікі. Ілюстраваў “Пінскую шляхту” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Адкуль наш род” У. Арлова. Стварыў серыю графічных аркушаў, прысвечаную старажытным беларускім гарадам – Навагрудку, Вільні, Полацку. Аўтар графічных серый “Мінск гістарычны”, “Па Беларусі”, “Мой Навагрудак”, рэльефаў “Мікола Гусоўскі”, “Тадэвуш Касцюшка”, “Эмілія Плятэр”.
Займаўся дызайн-графікай паштовых канвертаў і марак. Яго маркі былі адзначаны на міжнароднай выставе ў Парыжы як найлепшыя ў сваёй катэгорыі.
Творы мастака знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея М. Багдановіча, Літаратурнага музея В. Дуніна-Марцінкевіча ў в. Пяршаі Гродзенскай вобласці, музея Ф. Багушэвіча ў в. Кушляны, Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка, Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, у прыватных калекцыях.
Аўтар кніг “У прасторы часу. Вершы, малюнкі” (Мінск, 2002), “Сцежкамі роднага краю” (Мінск, 2005).
Памёр 7 лютага 2007 г. Пахаваны ў Навагрудку на старых могілках.

Добавить комментарий