(26.03.1801, Літва – 21.08.1860), жывапісец, педагог, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Літвы, аўтар карцін на рэлігійныя тэмы (некаторыя з іх упрыгожваюць Вільнюскі касцёл).

     Жыццё мастака Канута Іванавіча Русецкага надзвычай багатае на падзеі і факты. Шматлікія яго творы рэлігійнай тэматыкі, партрэты і аўтапартэты, пейзажы, карціны бытавога жанру захоўваюцца і экспануюцца ў музеях Вільні, Варшавы і Кракава.

     Нарадзіўся К. Русецкі ў в. Сцебекяй каля Панявежа (цяпер Панявежыс, Літва). У Віленскім універсітэце першапачаткова вывучаў права, затым – матэматыка-фізічныя навукі. У 1818 г. паступіў на факультэт прыгожых мастацтваў. Вучыўся ў Я. Рустэма, Дж. Саўндэрса, К. Ельскага, М. Падалінскага. З 1820 г. удзельнічаў у мастацкіх выстаўках, на самай першай з іх экспанаваў некалькі копій з карцін Рыберы і Рэмбранта. У 1821 г. выехаў у Парыж, дзе вучыўся ў Парыжскай акадэміі мастацтваў у Г. Лецьера, у 1823–1825 гг. – Рымскай акадэміі мастацтваў у В. Камучыні, Б. Торвальдсена і А. Гро. У 1826–1831 гг. працаваў у Рыме як стыпендыят Віленскага ўніверсітэта. Знаходзячыся за мяжой, К. Русецкі выконваў копіі палотнаў Рафаэля, Тыцыяна; шмат маляваў (пейзажы, віды Рыма і яго славутасці, напрыклад, руіны Калізея і інш.).

     У 1831 г. вярнуўся ў Вільню. У 1834–1839 гг. выкладаў жывапіс і малюнак у шляхецкім пансіёне, у 1839–1848 гг. – шляхецкім інстытуце, даваў прыватныя ўрокі. З 1839 г. уключаны ў склад камітэта па аднаўленні Віленскага кафедральнага сабора, займаўся кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для касцёлаў абразы. Напрыклад, для касцёла Святой Тэрэзы стварыў некалькі алтарных абразоў, а таксама аднавіў некаторыя, знішчаныя ў час вайны 1812 г. Акрамя абразоў для віленскіх касцёлаў маляваў і для касцёлаў іншых малых мястэчак.

     Сучаснікі высока цанілі творчасць К. Русецкага-партрэтыста. Ім напісаны шматлікія партрэты родных і блізкіх: сына, жонкі, бацькі, брата мастака і інш.

     У 1841 г. К. Русецкі наведаў Белавежскую пушчу, дзе стварыў з натуры серыю эцюдаў для карціны “Паляванне на зубраў” (1844–1851). Напісаў шэраг пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнаграфічная дакладнасць спалучаецца з выразнай манерай пісьма.

     Па словах мастацвазнаўца Л. Дробава, К. Русецкі быў адным з першых прадстаўнікоў бытавога жанру ў выяўленчым мастацтве ХІХ ст. Створаныя ім жанравыя кампазіцыі з цягам часу сталі каштоўнымі гістарычнымі выяўленчымі крыніцамі.

     Найбольш значныя творы: “Італьянец, які ўсміхаецца” (1823), “Клятва карбанарыяў”(1826), “Уцёкі ў Егіпет”(1828), “Жняя” (1845), “Літоўка з вербамі” (1847), “Панарама горада Вільні” (1850), “Селянін з мётламі” (1851, акварэль), “Млын Патоцкага ў Паплавах” (1855), “Літоўская рыбачка” (1856), “Пейзаж са скачкамі”, “Вербная нядзеля” і інш.

     Памёр К. І. Русецкі 21 жніўня 1860 г. у Вільні.