Сямён Уладзіміравіч Дамарад (нар. 2 кастрычніка 1948, Бабруйск) – сучасны беларускі мастак-манументаліст, сын беларускага графіка Уладзіміра Аляксандравіча Дамарада.
Біяграфія
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча у 1968 годзе, дзе займаўся у Леаніда Дубара, і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976), дзе займаўся у вядомых беларускіх мастакоў – Гаўрылы Вашчанкі, Уладзіміра Стальмашонка.
Творчасць
Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 1972. З 1985-га – член Беларускага саюза мастакоў.
Працуе ў станковым жывапісе і галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. У апошнія два дзесяцігоддзі любімы жанр мастака – пейзаж. Сямён Уладзіміравіч доўгі час быў вядомы як адзін з лепшых беларускіх акварэлістаў, але ў апошнія гады аддае перавагу алею. Колеры мяккія, без рэзкіх кантрастаў, але эмацыйна вельмі насычаныя, поўныя святла і паветра. Дамарад – мастак імпрэсіяністычнага светаадчування, яго палотны – гэта пейзажы настрою. Жывапісец імкнецца ўлавіць уражанне ад імгнення. Таму на палотнах часта прадстаўлены пераходныя станы прыроды – вясна і восень, вечар і раніца, калі яе зменлівасць выяўляецца асабліва інтэнсіўна.
Жыве ў Мінску. Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Палацы Незалежнасці, краязнаўчых музеях гарадоў Шэфау (Аўстрыя) і Флінтсбаха (Германія), у прыватных калекцыях Беларусі, Аўстрыі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, ЗША, Канады, Кітая.
Персанальныя выставы адбыліся ў 1973, 1988, 1994, 1995, 2009, 2010, 2014 гадах у Беларусі (Мінск, Бабруйск), Германіі (Мюнхен), Аўстрыі (Куфштайн, Шэфау). Таксама Сямён Дамарад браў удзел у групавых выставах у 1980, 1993, 1994, 2006, 2007 гадах у Беларусі (Мінск), Расіі (Масква), Германіі (Хорстмар, Мюнхен, Вісбадэн).
Манументальныя творы
“Зямля Караткевіча” (з выявай Замкавай гары з вежамі Навагрудскага замка) – Гарадская дзіцячая бібліятэка ім. У. Караткевіча (Орша, Віцебская вобласць)
Мазаіка «Лета» – санаторый «Волма» (Мінскі раён)
Вітраж – Дом культуры г. п. Руба (Віцебская вобласць)
Энкаўстыка – вытворчае аб’яднанне «Сельгастэхніка» (Магілёў)