Аўчыннікаў Леў Аўксенцьевіч – савецкі і расійскі мастак-жывапісец, графік, скульптар і прыкладнік, член Санкт-Пецярбургскага Саюза мастакоў (да 1992 года – Ленінградскай арганізацыі Саюза мастакоў РСФСР).
Леў Аўксенцьевіч нарадзіўся 6 жніўня 1926 г. у вёсцы Пурэх Ніжагародскай вобласці.
У 1950-я вучыўся ў Ленінградскім мастацка-педагагічным вучылішчы. Жывапісам стаў займацца параўнальна позна, маючы за плячыма растоўскае марское вучылішча (скончыў ў 1943) і салідны працоўны і жыццёвы вопыт. Удзельнічаў у выставах з канца 1950-х, экспанаваў свае працы разам з творамі вядучых майстроў выяўленчага мастацтва Ленінграда. У 1963 быў прыняты ў члены Ленінградскага Саюза мастакоў па секцыі жывапісу.
Творца некалькіх тысяч работ ва ўсіх відах выяўленчага мастацтва. Пісаў пейзажы, партрэты, жанравыя карціны, працаваў у тэхніцы алейнага жывапісу, афорта, ксілаграфіі, лінагравюры, манатыпіі, малюнка, пастэлі, акварэлі. У сталай творчасці імкнуўся да сімволікі, умоўнасці каларыту і кампазіцыі, да мяккай, парой іранічнай інтэрпрэтацыі вобразаў рускага фальклору.
Жыццёвы шлях Льва Аўксенцьевіча скончыўся 4 сакавіка 2003 году на 77 годзе. Тварыў ён у адзіноце і не клапаціўся пра папулярнасць. Гэта быў выключна самабытны, таленавіты мастак, які стварыў за 55 гадоў напружанай творчасці велізарную колькасць работ, якія ніколі не імкнуўся прадаваць, лічачы карціны сваімі «дзецьмі». Яго творы знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах у Расіі, Эстоніі, Фінляндыі, Германіі, ЗША і іншых краінах.
Сярод жывапісных твораў Льва Аўчыннікава ёсць карціны з выявамі навагрудскіх мясцін, створаныя ў 60-х гадах XX ст.