Анатоль Волкаў нарадзіўся 11 сакавіка 1960 г. у Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1983). Вучыўся ў Ігара Герасіменкі, Алега Чарнышова, Льва Талбузіна. Ад 1985 да 1992 г. працаваў на прадпрыемстве “Беларуская мастацкая кераміка”. У 1992 г. заснаваў сваю керамічную майстэрню. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1996 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1982 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Аўстрыі, Нямеччыне. Персанальныя выставы: Менск, Дом актора (1996), Дзяржаўны літаратурны музей гісторыі беларускай літаратуры (2007), “Госці з мінулага” – галерэя “Шляхетны падарунак” (2015).
Працуе ў галіне ўжытковага мастацтва (кераміка, шамот, дрэва), жывапісу (у стылі гістарычнага фэнтазі), дэкаратыўнай скульптуры і інсталяцыі. Узнаўляе сярэднявечную зброю (шчыты, мячы), робіць размалёўку па скуры ды інш. Апошнія дзесяць гадоў актыўна займаецца ландшафтным дызайнам (праца з каменем, басейны, вадаспады).
Найбольш значныя творы: керамічныя кампазіцыі “Ратамка”, “Бег”, “Варшаўскія матывы”, ”Птушкі”, “Беларусь чарнобыльская”; скульптуры “Паўстанне”, “Світанак”, “Плач”, “Постаць”, “Погляд у будучыню”, “Анёлы”; цыкл пластоў “Помнікі дойлідства Беларусі” і плакетак “Святы”, “Кармен”, “Сон старога горада”; інсталяцыі “Беларусь укрыжаваная”, “Пегас”, “Смутак”, “Міндоўг”, “Грунвальд”, “Аршанская бітва”.
Творы захоўваюцца ў прыватных зборах Беларусі, Летувы, Японіі, Італіі, Нямеччыны, Аўстрыі, Канады, Ізраіля ды іншых краін свету.
Узнагароджаны двума дыпломамі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі Беларусі.
Жыве ў Мінску.