Карпук Міхаіл Андрэевіч – мастак кіно і тэлебачання, графік, жывапісец.
Міхаіл Андрэевіч нарадзіўся 5 сакавіка 1930 года ў вёсцы Мыкшыцы (цяпер гэта Камянецкі раён Брэсцкай вобласці).
У 1948 годзе Міхаіл Карпук паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Адразу пасля яго заканчэння ў 1956 годзе паступіў у Маскоўскі паліграфічны інстытут, дзе сярод іншых дысцыплін, выкладалі малюнак. Вучыўся ў Л. М. Лейтмана, К. Касмачова. З удзячнасцю ўспамінае любімага педагога Андрэя Дзмітрыевіча Ганчарова, цудоўнага графіка, загадчыка кафедры графікі і малюнка.
У 1956–1970 гадах Міхаіл Карпук працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на Беларускай студыі тэлебачання, дзе паставіў свае першыя спектаклі, працаваў над кінафільмамі, аснашчаў канцэртныя студыі. Ён аформіў тэлепастаноўкі: «Моцарт і Сальеры» (1956), «Суд» (1958), тэлеспектаклі «Сымон-музыка» (1958), «Сэрца на далоні» (1964), «Ткачы» (1969), «Песня музыканта» (1958), «Якаў Багамолаў» (1959), «Крах» (1966).
З 1961 года ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. Аформіў літаратурна-мемарыяльны дом-музей Адама Міцкевіча ў г. Навагрудку (1970–1971).
З 1972-га па 1983 год Міхаіл Андрэевіч працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на кінастудыі «Беларусьфільм». У 1978 годзе быў прыняты ў Беларускі саюз кінематаграфістаў. Аформіў значную колькасць тэлеперадач, пастановак, зрабіў мноства эскізаў дэкарацый да тэлеспектакляў і кінафільмаў. Яго прозвішча стаіць у тытрах фільмаў: «Уся каралеўская раць» (1970), «Парашуты на дрэвах» (1973), «Апошняе лета дзяцінства» (1974), «Тры вясёлыя змены» (1977), «Спытай сябе» (1976), «Жалезныя гульні» (1979), «Канец бабінага лета» (1983).
З 1980 года М. А. Карпук з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў, уваходзіць у творчае аб’яднанне «Спадчына». Шырокую вядомасць прынеслі шматлікія графічныя і жывапісныя творы. У творчасці кожнага мастака ёсць свая самая галоўная тэма душы. Для графіка і жывапісца Міхаіла Карпука – гэта ўслаўленне прыгажосці роднай прыроды. Аблюбаваная тэма мастака – беларускі пейзаж. У дачыненні да яго Міхаіл Андрэевіч называе сябе адналюбам. Сапраўды, прыхільнасць мастака да краявідаў Бацькаўшчыны не можа не кранаць. Ён шмат разоў пісаў пейзажы Берасцейшчыны і многіх іншых куточкаў Беларусі. Нішто так не кранае душу, як прыгажосць «малой» радзімы мастака. Адзін з яго пейзажаў «Там маё дзяцінства» (1985) – пятляючая сярод палёў дарога – дарога яго дзяцінства, вядучая з роднай вёсачкі Мыкшыцы, адкуль ён пайшоў у вялікі свет мастацтва.
Мноства карцін Міхаіл Карпук прысвяціў порам года, тонка прымячаў нюансы прыродных з’яў: «Сонечны дзень» (1978), «Пахмурны дзень» (1977), «Слуцкі матыў» (1980), «Рака Бобр» (1981), «Матыў вясны» (1991), «Срэбраная зіма» (1993), «Подых вясны» (1995), «У родным краі» (1997) і інш. На многіх палотнах мастак выяўляў не толькі мясцовыя пейзажы, але і выдатныя мясціны роднага краю «Капліца Святой Барбары ў Высокім» (1967), «Высокаўскі Троіцкі касцёл» (1973).
Манументальная серыя краявідаў Міхаіла Карпука, што налічвае сотні твораў, – гэта не проста прыгожыя замалёўкі з натуры, яны даюць вялікую пазнавальную інфармацыю і складаюць графічную панараму роднай зямлі, вясковага жыцця, культурнай спадчыны народа: «Навагрудскае замчышча» (1981), «Мірскі замак» (1983), «Восеньская раніца» (1994), «Хутар» (1995), «Навальніца» (1996), серыя «Па месцах радзімы Хруцкага» (1997–1998), «Зіма прыйшла» (2007).
У старым куточку Мінска, у «Троіцкім прадмесці» знаходзіцца творчая майстэрня М. А. Карпука, утульная і светлая, як і яго творы, якія даруюць нам радасць і адчуванне вельмі сур’ёзнага, глыбокага, значнага – судакранання з роднай прыродай, з неўміручым вобразам Радзімы.
Яго творы неаднаразова экспанаваліся ў многіх гарадах Беларусі, у тым ліку г. Высокае Камянецкага раёна (2008). Лепшыя творы М. А. Карпука знаходзяцца ў мастацкіх музеях Беларусі і прыватных калекцыях у Расіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Даніі, Велікабрытаніі, Італіі, ЗША, Канадзе, Турцыі, Ізраіля, Сірыі, Швецыі.
Карпук Михаил Андреевич (р. 5.3.1930, д. Мыкшицы Брестской обл.) закончил Минское художественное училище (1956), Московский полиграфический ин-т (1963).Работает в станковой графике и живописи, а также в сценографии. Основные произведения: графические листы «Старый курган», «Новогрудское замчище», «Мирский замок»; живописные картины «Жатва», «Днепровские дали» и др. Член БСХ с 1969, Белорусского союза кинематографистов с 1978.