Нарадзіўся Пётр Каўцэвіч 24 верасня 1923 года ў мястэчку Любча Навагрудскага раёна ў вялікай сям’і шаўца. У 1938 годзе, пасля 7-мі класаў польскай школы, бацька аддаў яго вучыцца сталярнай справе ў Любчанскую сталярную майстэрню. З верасня 1941 года Каўцэвіч вучыўся ў Любчанскай сярэдняй школе. Атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні сямігодкі, працягваў вучобу на курсах настаўнікаў пры Навагрудскай школе. Пасля заканчэння курсаў працаваў настаўнікам пачатковых класаў і вёў урокі геаграфіі ў мястэчку Іўе. З адкрыццём у 1942 годзе ў Навагрудку настаўніцкай семінарыі, на працягу трох гадоў быў яе навучэнцам. У 1944 годзе Каўцэвіч П.П. стаў партызанам брыгады імя Дзяржынскага. Пасля вызвалення Беларусі, прызваны ў дзеючую армію — быў снайперам на III Беларускім фронце. Там атрымаў кантузію і раненне ў абедзве нагі, лячыўся ў шпіталі ў Аўстрыі. Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе вярнуўся дамоў.
Асаблівыя ўражанні пакідаюць выкананыя ім партрэты людзей, якіх ён сустрэў на сваім пакручастым жыццёвым шляху. Нягледзячы на цяжкія абставіны ў якія трапіў мастак, ён не пакідаў працаваць нават у гулагу. Вынікам яго працы стала серыя партрэтаў з выявай рэпрасаваных людзей. Партрэты былі намаляваны простым алоўкам, датаваны і падпісаны асабістым подпісам мастака. На адваротным баку некаторых малюнкаў змешчана інфармацыя аб намаляваных людях. З 1955 года па 1983 год П.Каўцэвіч працаваў мастаком-афарміцелем у аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама. У гэты перыяд ён закончыў некалькі курсаў завочнага інстытута мастацкай творчасці імя Крупскай у Маскве. Выйшаўшы на пенсію, працягваў працу мастака-афарміцеля ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным тэхнікуме і Навагрудскім саўгас-тэхнікуме. Дзякуючы фантазіі і таленавітым рукам мастака былі аформлены Музей баявой і партызанскай славы ў в. Чарэшля і амаль усе школьныя краязнаўчыя музеі Навагрудскага раёна. Добрая памяць і фантазія дапамагалі мастаку плённа і творча працаваць. Не пакідаюць гледачоў абыякавымі яго пейзажы, намаляваныя алоўкам, напісаныя акварэльнымі і алейнымі фарбамі. З алоўкам і акварэллю прайшоў Пётр Пракопавіч розныя мясціны, аднак больш блізкія сэрдцу Каўцэвіча працы з маляўнічымі мясцінамі Навагрудчыны: “Дарога на Слабаду”, “Царква пад ліпкамі”, “Свіцязянка” і інш. Працы Каўцэвіча захоўваюцца ў Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі, ў музеі Адама Міцкевіча, ў Гродзенкім абласным доме народнай творчасці. Многія творы П.П. Каўцэвіча ўпрыгожываюць хаты яго сяброў і сваякоў. Амаль да апошніх дзён свайго жыцця Каўцэвіч натхнёна працаваў, яго галава поўнілася новымі задумамі і ідэямі. Памяць аб мастаке захоўваюць яго працы.
Бібліяграфія:
- Міхневіч, А. З алоўкам па Навагрудчыне … / А. Міхневіч ; фота В. Кудзі // Новае жыццё (Навагрудскі раён). — 1993. — 29 верас. — С. 1.
- Каўцэвіч Пётр Пракопавіч // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). – Мн., 2010. – С. 361.