Будзейка Аляксей Мікітавіч – графік, жывапісец, педагог.
Нарадзіўся 5 снежня 1937 г. у вёсцы Кайшоўка былога Навагрудскага павета (цяпер: Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці).
1965 г. – скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. С.М. Кірава.
1965-1968 гг. – педагог сярэдняй школы № 27 г. Бабруйска.
З 1965 г. – удзельнік мастацкіх выстаў.
З 1968 г. – выкладчык Бабруйскага вышэйшага прафесійнага вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сорак гадоў Аляксей Мікітавіч навучаў майстэрству сваіх выхаванцаў, у тым ліку па новых спецыяльнасцях, што з’явіліся ў вучылішчы дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям: «мастацкая кераміка», «роспіс па фарфоры», «чэканшчык» і іншыя. Сярод яго вучняў ёсць вядомыя мастакі.
З 1969 г. – пастаянны ўдзельнік ВДНГ СССР. Узнагароджаны сярэбранай і двума бронзавымі медалямі ВДНГ СССР.
Працуе мастак у розных жанрах – сюжэтная кампазіцыя, партрэт, нацюрморт, пейзаж. У сваёй творчасці ён звяртаецца да чарнобыльскай тэмы, да беларускай гісторыі і народных традыцый, вяртаецца да вытокаў, стварае палотны, поўныя любові да роднай зямлі, да малой радзімы. “Прырода, свет, навокал нас, ва ўсім сваім багацці маляўнічай палітры, шматграннасці настрою – адна з асноўных тэм аўтара, адлюстраванне яго духоўнага свету, яго адносіны да навакольнага жыцця”, – напісала ў свой час пра Аляксея Мікітавіча мастацтвазнаўца з Бабруйска Таццяна Карчажкіна.
Карціны мастака знаходзяцца ў галерэях г. Мінска, у прыватных калекцыях Польшчы, Германіі, ЗША, Чэхіі, Югаславіі, Аўстраліі і краінах блізкага замежжа.
Творчую дынастыю працягвае дачка мастака Жанна. Яна закончыла мастацкае вучылішча імя А. Глебава i таксама праявіла сябе як таленавіты творца. Творчы ген атрымала ў спадчыну і ўнучка Аляксея Будзейкі, Вольга. Яна не толькі добра малюе, удзельнічае ў выставах, але і піша вершы.