Савіцкі Міхаіл Андрэевіч

 

Савіцкі Міхаіл Андрэевіч – Нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў в. Звянячы Аршанскага павета Віцебскай губерні (цяпер — Талачынскі раён Віцебскай вобласці). У 20-гадовым узросце, з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны мабілізаваны у Чырвоную Армію, як шараговы браў удзел у баях за Севастопаль, трапіў у палон. Быў зняволеным канцлагераў Дзюсельдорфа, Бухенвальда, Дахау, дзе браў актыўны ўдзел у супраціўленні. Шчаслівым выпадкам не загінуў, саюзнікі вызвалілі лагер, калі Савіцкі паміраў у тыфозным бараку пасля 17-дзённага карцара за арганізацыю ўцёкаў. Пасля вайны вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, затым у Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В. І. Сурыкава (скончыў у 1957). Жыў і працаваў у Мінску. Быў кіраўніком дзяржаўнай установы культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры». ). Жывапісец, народны мастак Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, Акадэміі мастацтваў СССР і Расійскай Акадэміі мастацтваў, Герой Беларусі (2006), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1973), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1970, 1980, 1996), Міжнароднай прэміі Фонду Святога Усяхвальнага апостала Андрэя Першазванага (1999), прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва (2004), кавалер ордэнаў Леніна (1982), “Знак Пашаны” (1967), Францыска Скарыны (1997), ганаровы грамадзянін г. Мінска, дзяржаўны дзеяч Беларусі.          Памёр 8 лістапада 2010 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

ТворчасцьПрацаваў у галіне станкавага і манументальнага жывапісу. У аснове твораў ваеннай тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць нямецкіх акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Значнае месца ў творчасці Савіцкага займаюць партрэты. Галоўнае месца ў творчасці 1990—2001 гадоў займае хрысціянская тэматыка. «Партызанская мадонна (Мінская)» на марцы Беларусі. 2000. Для мастака характэрна публіцыстычнае, эмацыйна-экспрэсіўнае расчыненне гістарычных і сучасных тэм («Песня», 1957; цыклы «Гераічная Беларусь», 1967, «Лічбы на сэрца» (у аснову якога пакладзены ўспаміны і ўражанні пра нялюдскую жорсткасць у нямецкіх канцлагерах), 1976; карціны «Партызанская мадонна», «Легенда пра бацьку Міная», «Дзеці вайны» і інш.). Гэтыя палотны — паніхіда загінулым героям і гімн патрыятызму савецкіх людзей.

Бібліяграфія:

  1. Савіцкі Міхаіл Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2002. — Т. 14. — С. 70—71.
  2. Савицкий Михаил Андреевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [ в 7 т.]. — Минск, 2008. — Т. 6. — С. 553.
  3. Савіцкі Міхаіл Андрэевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 2001. — Т. 6, кн. 1. — С. 200.
  4. Савіцкі Міхаіл Андрэевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [ в 6 т.]. — Мінск, 2015. — Т. 6. — С. 320—321.
  5. Савицкий Михаил Андреевич // Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 2. Витебская область : в 2 кн. Минск, 2011. — Кн. 2. — С. 428—429.

 

Добавить комментарий