Раманаўскі Мікалай Мікалаевіч – мастак, выкладчык спецыяльнасці «Дызайн (графічны)» у Ваўкавыскім каледжы УА Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Ляхавічы Навагрудскага раёна. Пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута прыехаў на «адпрацоўку» ў Ваўкавыск. Тут жа, па словах мастака, ён «прырос», застаўся жыць і тварыць.
Мастак працуе ў розных тэхніках алейнага і акварэльнага жывапісу. Работы напоўнены лірычным настроем, дзякуючы ім можна адчуць стаўленне аўтара да навакольнага свету, прыроды і людзей.
Працы Мікалая Раманоўскага выстаўляліся ў Гродне, на Рэспубліканскай выставе акварэлі, у ваўкавыскім музеі імя П. І. Баграціёна.
Мікалай Мікалаевіч піша пра тое, што яму блізка, што зразумела. На яго карцінах намаляваны віды Ваўкавыска і раёна. У розныя часы сутак, поры года. Пры гэтым аўтар паведамляе, што карціны «зборныя», напісаны з розных ракурсаў, таму калі спытаць, адкуль адкрываецца такі выгляд, то мастак наўрад ці адкажа. Да прыкладу, на карціне з такой славутасцю як Шведская гара аўтар пераставіў дамы месцамі, каб кампазіцыя была скончанай. Бо ў мастака сваё бачанне.
Дарэчы, цэнтральнае месца ў экспазіцыі 2019 года ў Ваўкавыскім педкаледжу заняла вялікіх памераў карціна, якую аўтар напісаў у памяць аб месцы, дзе нарадзіўся.