Новак Уладзімір Лявонцьевіч

Уладзімір Лявонцьевіч Новак – беларускі мастак, жывапісец, манументаліст. Член БСМ (1973).

Нарадзіўся Уладзімір Лявонцьевіч 20 мая 1939 года ў г. Крычаў Магілёўскай вобласці.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1969). Вучыўся ў А. Малішэўскага, У. Стэльмашонка, Г. Вашчанка.

Удзельнік мастацкіх выставак з 1967 г.

 Працуе ў манументальна-дэкаратыўным і станковым жывапісе. Яго творам характэрны абагульненасць формаў, экспрэсіўнасць малюнка, дынамізм кампазіцыі і кантрасна-колеравага спалучэння.

Сярод твораў – сграфіта “Навука” на будынку СШ № 6 у Мінску (1979), станкавыя работы на спартыўную тэматыку “На трэніроўцы” (1972), “На стрэльбішчы” (1977), партрэты беларускіх спартсменаў В. Гараева (1977), В. Тынянскага (1978); мазаікі “Гімн працы” на жылых будынках па вул. Я. Коласа ў Наваполацку (трыпціх, 1981, з А. Кішчанкам, В. Мартынчыкам), “Прырода і людзі” ў будынку вытворчага аб’яднання штучнага футра ў Жлобіне (1984), “Спартыўнае свята ў Ратамцы” (1982), “Пераможцы” (1983), серыі “Парусны спорт”, “Стары парк”, архітэктурныя пейзажы Беларусі і Расіі (1980–1984), вітражы “Спорт” у Акадэміі фізічнага выхавання і спорту (1995), “Прырода” ў Акадэміі паслядыпломнага навучання (1999; усе ў Мінску); жывапісныя серыі “Кітайскія студэнты” (1999); партрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі (2000).

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Цэнтры сучаснага мастацтва ў Мінску, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства кульутры Расіі, галерэі спорта ў Парыжы, у прыватных калекцыях розных краін свету.

У Навагрудку карціна мастака “Адам Міцкевіч з жонкай” захоўваецца ў Доме-музеі Адама Міцкевіча.

Літаратура:

  1. Новак Уладзімір Лявонцьевіч// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2000. – Т. 11. – С. 359.
  2. Строгіна, С. Новак Уладзімір Лявонцьевіч / С. Строгіна // Сучаснае выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны / С. Строгіна. – Мінск, 2009. – С. 125–126.
  3. Уладзімір Лявонцьевіч Новак // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 4. – С. 79–80.

Добавить комментарий