Альшэўскі Віктар Уладзіміравіч – мастак-жывапісец, педагог. Дацэнт (2004). Член Беларускага саюза мастакоў (1984).

Нарадзіўся 21 верасня 1953 г. у вёсцы Вугольшчына (Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць).

Паспяхова вытрымаўшы ўступныя іспыты, з пятага класа ён вучыцца ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, затым – у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на кафедры манументальнага мастацтва. Яго настаўнікамі былі такія адметныя майстры, як народныя мастакі Беларусі Гаўрыіла Вашчанка і Васіль Шаранговіч, прафесар Анатоль Бараноўскі. Затым наступіў плённы перыяд працы ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР пад кіраўніцтвам народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага. Гэта школа адкрыла для Віктара Альшэўскага ўнікальную магчымасць тэарэтычнага і практычнага спасціжэння мастацтва як універсальнай, канцэптуальнай формы мыслення.

Адукацыя: Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (спецыяльнасць “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”, 1980).
Навуковыя інтарэсы: тэорыя жывапісу.
Узнагароды: Ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2003), прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2005), Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2008).

“… кожная карціна Віктара Альшэўскага – загадка: сімвалы, сабраныя разам, і на першы погляд быццам нічым не звязаныя, успрымаюцца іррэальна. Як зашыфраванае пасланне. Прачытанне зместу карцін у многім залежыць ад уяўленняў самога гледача.” 

Мастак аддае перавагу буйным формам, шмат эксперыментуе, творча выкарыстоўвае прынцыпы мантажу, пазалачонай паверхні, насычае карціны знакамі, сімваламі, дэталямі, спалучае вобразнасць і канструкцыйнасць пабудовы кампазіцыі, рэалізм і сюррэалізм і такім чынам стварае пазачасовую прастору. На яго многіх палотнах фігуры абстрагуюцца ад рэаліяў, страчваюць сваю пазнавальнасць. Людзі ўспрымаюцца як марыянеткі, лялькі, а перспектыва аддаляецца настолькі, што становіцца толькі фонавай колеравасцю.

Паўплывала на фарміраванне яго таленту, мастацкага густу і непаўторна цудоўная прырода Прыдруцкага краю.