Гурбо Леанід Міхайлавіч

Гурбо Леанід Міхайлавіч – беларускі мастак, член Беларускага саюза мастакоў (1994).

Леанід Гурбо нарадзіўся ў 1939 г. у Мінску.

У цяжкі ваенны час лёс звязаў яго з Пухавіцкім раёнам, дзе будучы мастак правёў дзяцінства. Маленькі Леанід разам з маці і братам усю вайну пражылі ў вёсцы Цітва ў цёткі. Тыя гады назаўсёды засталіся ў яго памяці.

Бацька хлопчыка быў ваенным, і таму сям’і Гурбо часта даводзілася пераязджаць. Але Леанід не сумаваў, ён любіў наведваць новыя мясціны. У хлопчыка заўсёды з сабой быў невялічкі нататнічак, у якім ён рабіў замалёўкі ўсяго цікавага, што бачыў падчас падарожжа.

Маляваць пачаў у Камянец-Падольскім Доме піянераў (Украіна).

У 1963 г. – скончыў Мінскае мастацкае вучылішча.

У 1973 г. – Беларускі політэхнічны інстытут (архітэктурны факультэт).

Некалькі гадоў Леанід Міхайлавіч працаваў архітэктарам у праектным інстытуце “Мінскпраект”,  аднак жаданне займацца больш творчай працай перамагло, і ён пайшоў выкладаць жывапіс у мастацкую школу № 2 Мінска. Амаль 30 гадоў аддаў ён педагагічнай працы. За гэты час падрыхтаваў не адно пакаленне людзей, якія так ці інакш маюць дачыненне да творчасці.

«З дзецьмі мы заўсёды вучыліся адзін у аднаго. Я ім тлумачыў правілы, прапорцыі, прыёмы, а яны мне адкрывалі свежы погляд на некаторыя рэчы. Многія з іх цяпер прафесійныя знакамітыя мастакі. У той час я сумяшчаў настаўніцтва і творчаць, маёй майстэрняй быў звычайны клас, а лепшымі крытыкамі і дарадцамі – вучні. Я прыходзіў у школу на некалькі гадзін раней ці ў выхадныя дні і працаваў, а потым на занятках прапаноўваў вучням выказваць свае меркаванні наконт маіх карцін. Многія з работ, што вы бачыце сёння на выставе, напісаны ў тыя часы. А я гляжу на іх, і да гэтай пары помню, што мне пра кожную вучні гаварылі.

У маім жыцці было шмат выстаў у Мінску, Клецку, Слуцку, Салігорску, Крупках і іншых гарадах. Чуў я нямала водгукаў пра свае карціны, аднак больш каштоўных, чым тыя дзіцячыя, не памятаю».

Працуе ў станковым жывапісе і пастэлі. Адметнай рысай яго твораў з’яўляецца міфалагічнасць сюжэтаў.

«Я люблю маляваць прыгажосць. Але асабліва цікавяць мяне міфалагічныя і рэлігіёзныя тэмы. Таму кожная карціна – гэта менавіта мае адносіны да таго ці іншага сюжэта або падзеі. Напрыклад, анёл. Хочацца паказаць яго так, як яго ўяўляю я. Вельмі не люблю вайну. У дзяцінстве прыйшлося перажыць і пабачыць шмат жудаснага, звязанага з ваеннымі падзеямі. Таму і прысвячаю сваю творчасць прыгажосці ў розных яе праяўленнях».

З 1994 – у Беларускім саюзе мастакоў.

Творы Л. Гурбо знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Італіі, Канадзе, Арабскіх Эміратах, Ізраіліі і іншых краінах свету.

Мастак жыве ў Мінску. На заслужаным адпачынку Леанід Міхайлавіч з любімай справай не расстаецца. Яго майстэрняй цяпер стала ўласная кватэра. А блізкія толькі і рады, цяпер любімы муж і бацька часцей бывае дома. Дачка мастака пайшла па яго слядах і стала архітэктарам, часта звяртаецца да яго за парадай.

 «На свеце шмат рэчаў, якія могуць натхніць мастака на напісанне карціны. Я, напрыклад, шмат карцін прысвяціў беларускай гісторыі, літаратурным творам, легендам. На сваіх палотнах я заўсёды хацеў паказаць гледачу, што ў жыцці ёсць не толькі праца, але і мастацтва, якое дапамагае жыць».

«Калі глядзіш на карціну «Навагрудак. Мінулае і сучаснае», складваецца ўражанне аб гэтым старадаўнім беларускім горадзе, аб замкавай гары, дзе захаваліся рэшткі замка».                                             Жукава Хрысціна, навуковы супрацоўнік мастацкай                             галерэі імя Барыса Аракчэева.

Добавить комментарий