Дмахоўскі Вікенцій Ігнатавіч

Дмахоўскі Вікенцій Ігнатавіч (1807-1862) – мастак, майстар гістарычнага жанру, класік беларускага жывапісу.

Нарадзіўся ў 1807 годзе ў в. Нагародавічы Дзятлаўскага раёна, у сям’і дробнапамеснага беларускага шляхціца. Адукацыю, верагодна, атрымаў у Навагрудку. Але гэтага не хапіла для дапытлівага юнака, і ён паступіў у 1826г. ў Віленскі універсітэт на літаратурны факультэт. Па тых часах для шляхты лічылася прэстыжным атрымаць адукацыю юрыста, філосафа або літаратара.

Паралельна з наведваннем лекцый на літфаку Вікенцій браў урокі малявання ў Яна Рустэма, які пастаянна імкнуўся да рэарганізацыі сістэмы выкладання. Гэта ён адным з першых увёў для сваіх навучэнцаў маляванне з жывой натуры, што паглыбіла і ўмацавала ў маладых сэрцах любоў да прыроды наогул.

Да пачатку красавіка 1831г. паўстанне ахапіла ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь. Па сваёй волі ці не, але ж Вікенцій Дмахоўскі апынуўся ў радах змагароў.

У канцы мая 1831г. царскія войскі разбілі паўстанцаў у Мінскай і Віленскай губернях. Ратуючыся ад праследаванняў, Вікенцій вымушаны быў эмігрырываць ва Усходнюю Прусію. Вось калі спатрэбілася яму ўменне маляваць, што давала хоць які, ды ўсё ж надзейны кавалак хлеба.

Нарэшце ў 1837г. цар аб’явіў амністыю, згодна з якой удзельнікаў нядаўняга паўстання перасталі праследаваць. Тады і вырашыў Вікенцій Дмахоўскі вярнуцца ў Вільню. Тут ён цалкам аддаўся творчасці. Працаваў натхнённа, з захапленнем. Пэўна, як адгалосак уражанняў былога паўстання, з’явілася карціна на гістарычную тэму – “Крыжаносцы пры асадзе крэпасці Пуня” (1837).

Родныя краявіды хвалявалі  чуллівае сэрца мастака, не давалі яму спакою. Ён часта наведваўся ў сваё небагатае памесце Нагародавічы. Мясцовыя сяляне бачылі Вікенція Ігнатавіча з мальбертам то ў адным, то ў другім месцы ў ваколіцах Вільнюса, Нагародавічаў або дзе-небудзь на Навагрудчыне. У 1855-1858 г. жыў у вёсцы Брацянка каля Наваградка, дзе маляваў кампазіцыйныя пейзажы, акварэлі і невялічкія жанравыя карціны з побыту мясцовых жыхароў. У той час творы мастака былі шырока распаўсюджаны ў Беларусі, Літве ды Польшчы, і лічылася за гонар набыць іх для прыватнай калекцыі.

Ён з захапленнем стварае рамантычныя пейзажы “Рака Нерыс каля Верак”, “Радзіма” (“Двор у Нагародавічах”), “Вуліца ў Вільні”, “Замак у Крэве”, “Дом Міцкевіча ў Навагрудку”, “Сядзіба ў Туганавічах” і інш.

У першай палове 50–х гадоў Вікенцій Ігнатавіч афармляў спектаклі ў Віленскім гарадскім тэатры (“Галька” Манюшкі, “Італьянка ў Алжыры” Расіні, “Фаварытка” і інш.).

На жаль, многае з творчай спадчыны мастака Вікенція Дмахоўскага знаходзіцца па-за межамі радзімы, асеўшы ў музеях Літвы і Польшчы.

Памёр Вікенцій Дмахоўскі 22 лютага 1862 года ва ўзросце 55 гадоў.

Добавить комментарий