Залацілін Віктар Мікалаевіч

Віктар Залацілін – беларускі мастак.
Нарадзіўся 23 сакавіка 1955 года ў вёсцы Купіск на Наваградчыне. У 1971 годзе скончыў базавую Купіскую школу, а ў 1973 – Любчанскую сярэднюю школу. Па адукацыі географ і эканаміст. Закончыў геафак БДУ і інстытут народнай гаспадаркі, працаваў намеснікам вучэбнага цэнтра пры камітэце па сельгастэхніцы. З 1992 па 1998 годы займаўся прадпрымальніцтвам. Настаўнічаў у роднай школе. Пасля закрыцця Купіской школы ўвосень 2001 года Віктар Залацілін вяртаецца ў Мінск.
Плённы перыяд творчасці пачаўся пасля пераасэнсавання таго, што жывапіс для яго не проста захапленне, а сэнс усяго жыцця. У сорак гадоў Віктар прыняў рашэнне пакінуць вялікі горад і назаўсёды вярнуцца на сваю малую радзіму Купіск, заняцца жывапісам.
Упершыню В. Залацілін выставіўся ў “Доме-музеі Адама Міцкевіча”.
Мастак не мае майстэрні, свае пейзажы стварае бацькоўскай хаце. У першую чаргу, яго цікавіць беларускі пейзаж. Кожны дзень мастак крочыць у поле, на луг, да ракі, дзе робіць розныя замалёўкі, эскізы. І толькі тады, дома, нараджаюцца сапраўдныя творы якіх аўтар, нібы паэт, апявае прыгажосць сваёй бацькаўшчыны. Прырода для Віктара Залаціліна – гэта храм, які можа лекаваць душу чалавека, а бераг яго жыцця – родны Купіск.
Віктар Залацілін адзначае: “Я жыву на самай прыгожай у свеце зямлі і ў сваіх карцінах імкнуся перадаць часцінку гэтага хараства. Кожную раніцу шчыра радуюся новаму дню, які прыносіць вобразы і сюжэты для будучых работ”.
Работы Віктар Залаціліна захоўваюцца ў зборах навагрудскіх музеяў, а таксама ў прыватных калекцыях ў Мінску, Філадэльфіі, Санкт-Пецярбургу, Рызе, Таліне.
Пра Віктара Залаціліна зняты кароткаметражны фільм пад назвай “Не адзін” (рэжысёр Вольга Дашук), які стаў намінантам Штогадовага конкурсу праграм для радыё, тэлебачання і электронных СМІ “PRIX EUROPA-2014” у катэгорыі “Дакументальныя фільмы”. Фестываль “PRIX EUROPA” праводзіцца пад эгідай Савета Еўропы ў Берліне, мэта яго – вызначыць і заахвоціць лепшыя творы, створаныя за мінулы год. За права ўдзельнічаць у гэтым прэстыжным конкурсе змагаліся 650 праграм з 35 краін свету.
Фільм “Не адзін” – кіно пра маленькім чалавеку з бязмежнымі магчымасцямі. Талент, сіла волі і імкненне да мары могуць перадужаць усе недасканаласці. Менавіта мастацтва дапамагае Віктару Мікалаевічу пераадолець бар’еры, звязаныя з асабіснымі фізіялагічныя асаблівасцямі.
У 2018 годзе перадаў у дар жыхарам горада 20 сваіх работ, якія могуць ўбачыць усе жадаючыя ў Цэнтры культуры і народнай творчасці Навагрудка.

Добавить комментарий