Орда Напалеон

Напалеон Орда (Орда Напалеон Міхайлавіч, 1807–1883) – выдатны беларускі піяніст, кампазітар, мастак, педагог, публіцыст, вучоны.

Нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) у сям’і палескай шляхты. Яго бацька – Міхал, паводле адукацыі інжынер-фартыфікатар, амаль увесь час працаваў на будаўніцтве дарог і каналаў, у час падзелаў Рэчы Паспалітай з’яўляўся маршалкам Кобрынскага павета.

Пачатковую адукацыю мастак атрымаў у родным доме. З існых крыніц дакладна невядома ці былі ў іх доме гувернёры, хутчэй за ўсё так, але галоўным яго выхавальнікам і дарадцай на працягу ўсяго жыцця была маці – Юзафіна – дачка пінскага суддзі і мечніка Мацея Бутрымовіча. Яна валодала французскай мовай і была таленавітай піяністкай. Юзафіна вучалася гульні на клавіры ў запрошанага ў нясвіжскі тэатр чэшскага кампазітара і клавеініста Францішка Яржомбкі. А першыя ўрокі ігры на фартэпіяна свайму сыну, будучаму кампазітару, яна дала сама.

3 1819 г. вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. 3 1823 г. – у Віленскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце, з якога ў 1827 г. выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства “Заране”. Удзельнік паўстання 1830-1831 гг., пасля яго паражэння эмігрыраваў у Францыю.

У 1838 г. выдаў “Альбом твораў польскіх кампазітараў”. У сярэдзіне 1840-х – дырэктар італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі П.Жэрара. У 1843 г. кампазітар узяў шлюб з францужанкай Ірэнай Бугле. Ёй прысвяціў паэтычны і прыгожы паланэз “Lа Сеllulе” (“У турме”), які пазней быў выдадзены ў Гродне.

3 1856 г. жыў у Варацэвічах, у 1862-1863 гг. – у Гродне. 3 15 мая 1866 г. па красавік 1867 г. быў за кратамі ў Гродзенскім астрозе па справе аб прыналежнасці да паўстання 1863 г. Потым пераехаў на Валынь, быў хатнім настаўнікам музыкі. Аўтар “Граматыкі музыкі” (1873 г.), высока ацэненай С.Манюшкам.

Н.Орда пакінуў вялікую мастацкую спадчыну: каля 1150 малюнкаў і акварэляў.

Ён шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і архітэктурных помнікаў. Вылучаюцца архітэктурныя замалёўкі Орды (звыш 200 па Беларусі), выкананыя алоўкам, сепіяй, акварэллю. Асаблівую цікавасць маюць малюнкі з краявідамі Гродзеншчыны. 3 асаблівым замілаваннем перад сівой мінуўшчынай Орда замалёўвае старажытныя замкі, многія з якіх ужо у той час ляжалі ў руінах.  На малюнках Орды мы бачым старажытныя беларускія замкі ў Крэве, Геранёнах, Лідзе, Навагрудку і іншыя.

Мастацкая спадчына Напалеона Орды – выдатная ілюстрацыя стылявога развіцця архітэктуры Беларусі. Сярэдневяковую готыку да нас даносяць малюнкі Фарнага касцёла ў Гродне, Барыса-Глебскай царквы ў Навагрудку, касцёлаў у Гнезна, Ішкальдзі, Койданаве.

На Навагрудчыне Напалеон Орда напісаў некалькі прац, на якіх адлюстраваны Навагрудскі замак, Дом-музей А. Міцкевіча, Барысаглебская царква. Палац у Шчорсах быў разбураны ў гады Першай сусветнай вайны, але, дзякуючы гравюры Напалеона Орды, мы сёння можам дакладна ведаць, як ён выглядаў.

Памёр  26 красавіка 1883 года ў Варшаве. Але, паводле завяшчання, цела Напалеона Орды пахавалі ў фамільным магільным склепе ў горадзе Янава, цяпер Іванава Брэсцкай вобласці. Мясцовыя жыхары з павагай ставяцца да свайго земляка. Дарэчы, у Іванава знаходзіцца адзіны ў Еўропе помнік Напалеону Ордзе, які быў устаноўлены ў 1997 годзе.

Добавить комментарий