Нямцоў Віктар Віктаравіч

Нямцоў Віктар Віктаравіч – беларускі мастак.

Нарадзіўся ў 1941.

У 1965 г. – скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ім. А. К. Глебава.

У 1972 г. – скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.

З 1972 г. – удзельнік рэспубліканскіх, міжнародных і персанальных выстаў.

З 1978 г. – з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2006).

Прафесар кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1995 па 2002 гады узначальваў кафедру).

Выкладае асноўны курс “Малюнак” на спецыяльнасцях “Жывапіс”, “Графіка”, “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”.

Працуе ў дэкаратыўна-прыкладным і манументальна-дэкаратыўным жанры, станковым жывапісе.

У творчасці мастак арыентуецца на повязь часоў, ён актыўна сумяшчае гісторыю з тым, што рэальна існуе ў жыцці цяпер, фарміруе ўласны мастацкі “альбом”, у якім знаходзяцца аб’екты нават калісьці разбураныя. Віктар Нямцоў пераважна піша з натуры, гэта дазваляе больш дакладна перадаць вобраз аб’екта. Калі творца выязджае на пленэр альбо асобна едзе ў пэўнае месца, засяроджваецца на беларускіх храмах і млынах.

Мастак мэтанакіравана займаецца вывучэннем гэтых дзіўных збудаванняў інжынернай творчасці чалавека. Аўтарам кіруе жаданне захаваць гэтыя помнікі мінуўшчыны, якія надаюць краявідам непаўторны каларыт. На яго карцінах з закінутых парэшткаў зноў узрастаюць млыны-асілкі. У сваёй творчасці мастак захоўвае помнікі мінулага і прапаноўвае  новы тып краязнаўчага пейзажу.

Млын у творчасці мастака становіцца сімвалам змены падзей ў часе. Сляды матэрыяльнай культуры на яго палотнах набываюць іншы, узнёслы, духоўны сэнс.  Практычна кожная работа мастака мае асабістую гісторыю.

Маляўнічай рэканструкцыі падвергліся шматлікія рарытэты мінулых стагоддзяў, якія ўвасобіліся ў аўтарскі праект “Млыны Беларусі”. У гісторыка-жывапіснай рэканструкцыі, адлюстраваны драўляныя, каменныя, водныя  і паветраныя млыны з розных рэгіёнаў Беларусі.

Шмат эцюдаў у Віктара Віктаравіча з Навагрудчыны, з роднай вёскі яго жонкі – беларускай мастачкі Раісы Сіплевіч (вёска Пабрэззе).

“Праект «Млыны Беларусі» я пачаў з млына, які знаходзіцца ў вёсцы Пабрэззе Навагрудскага раёна. Калісьці ў маладосці прыехаў туды, убачыў млын, ён мяне ўразіў: працаваў на электрычнасці. Гісторыя яго вельмі драматычная. Жыў у тым краі хлопчык-сірата, галадаў. Яму вельмі хацелася пабудаваць млын і малоць людзям хлеб (гэта была яго мара). У яго не было дома, ён парабкаваў, зарабляў грошы, каб пабудаваць уласны млын. Потым пазычыў сродкі, паабяцаўшы тым, хто дапамог, год малоць хлеб бясплатна. У трыццаць гадоў ён пабудаваў млын. Як і абяцаў, год малоў бясплатна ўсім, хто дапамагаў. А ў 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада ў Заходнюю Беларусь, яго раскулачылі і саслалі на дзесяць гадоў. Калі ён вярнуўся, млын ужо не працаваў. Ён яго аднавіў, папрацаваў год і памёр”. Віктар Нямцоў неаднойчы маляваў гэты млын, спрабуючы адлюстраваць яго ў розныя часы года.

 

Добавить комментарий